Рыгор Барадулін
АБСЯГ

Лірыка


Падрыхтаванае на падставе: Барадулін, P. Абсяг. Лірыка. - Мн.: «Маст. літ.», 1978. - 256 с.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

1. ГАНЧАРНЫ КРУГ ПЛАНЕТЫ

З гары


Цяпер —
Ці ў радасці згары,
Ці счахні ад адчаю,
Адчуй адно:
Ідзеш з гары.
Твой смутак залачае...
Ужо заняўся веташок
На макаўцы віхрастай.
Забудзь стажок і муражок
І ў сад чужы не шастай!
І сам сваім гадам
Гадзі,
Яны — як тыя госці.
А вёскі ўсё часцей,
Глядзі:
Пагосцішча,
Пагосце.
Яшчэ тваю сасну
Піла
Не кроіць на цалёўкі.
Узмах вясла,
Узмах крыла.
Чакае ўзмах рыдлёўкі...
Зняверцу-роспач пратуры:
Азёрна,
Борна,
Гойна!
Далёка бачыў на гары —
Ідзі з гары спакойна.

* * *


Нам перадаць імкнецца час
Усе свае прыкметы,
Пакуль пад сонцам
Круціць нас
Ганчарны круг планеты.

Светла


Памяць грукне ў шыбу ззяблай вішнінай,
Добры сон паўторыць
Той начлег:
Светла прачынацца ў хаце сцішанай,
Вестку чуць ад мамы:
— Выпаў снег...

Існасць


У чым жа існасць існавання,
Суседства з існасцю — быцця,
Быцця свядомага — жыцця?
Здагадак чаўнакі снавалі,
Саткалі капу забыцця,
Каб захінуць ёй
Шлюбны ложак,
Вясельны і хаўтурны стол.
Сагрэлі ўзор давер валошак
І снег, што ўснежыў вечны дол.
Ці ўзважылі зямлі патайнасць
Рыдлёўкі даланя,
Лямеш?
Пакуль жывеш,
Датуль пытайся.
Пытаннем сутнасці жывеш...

* * *


Утаймаваўшы агонь,
Разняволіўшы атам,
Перамогшы звера ў сабе,
Ад нябесных пазбавіўшыся апек,
Да чалавецтва ідзе чалавек
Ад самога сябе дэлегатам...
Быць заступнікам перад атамам
Просіць свой век.

Арганаўты


Плылі спрадвеку пехатою.
Пагляды лашчыла руно
Жаданае і залатое —
Рунела рунь...
Сахі стырно
Трымалі моцна.
Заплывалі
За вечаровы небазвон.
Люлялі. арганаўтаў
Хвалі
Перастаялых баразён.
Карэц каравай даланёю
Трымалі
Працы каралі.
Рабілі з небам іх раднёю
Крутыя крылы араллі.
У полі
Сеялася заўтра.
Кляліся небу перуном
Ушацкіх гоняў арганаўты.
Зямля рунела ім
Руном.

Сівая балада


I
Няма хвілінкі,
Каб навальніцца.
Знойдзецца праца
І ў навальніцу:
Даюць батрачцы
Анучы лапіць.
Што гром злуецца —
Шукае лапаць?
II
Ад страху золка,
Ад жаху хмарыць:
Можа ў іголку
Пярун ударыць!
Згубіць бы йголку
У пуні, ў сене.
Пярун гразіцца —
Трасуцца сені.
III
Бяды хапіла.
Быў свет пямілы.
Яна з іголкі
Сям'ю карміла.
IV
Ці бліскавіца
Жагае ў хатку?
V
Ці мама ўдзявае
Нітку ў шаршатку?!

Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ


З маладой ляшчыніны
Будзе вудаўё.
Свет табе расчынены —
Забірай сваё!
Будзе кладка рыпкаю,
Будзе лёд і жвір.
Залатою рыбкаю
Выхітрыцца вір.
Будуць юшкай хмарыста
Трызніць саганкі.
Будзе ўдача скнарыста
Абрываць кручкі.
Вобмелі, заглыбіны
Нераст абвядзе.
Будзе след ад рыбіны
Ў маладой вадзе.
Не глядзі зняверыста,
Пазірай задзірыста.
Будзе рыбе нерасту
I надзеі – вырасту!

* * *


Пах вечаровага жытла
На цішыні настоен.
Схіл паўтарае
Хіб вала.
Спакойны вол настрою.
Ён абагнаў загоны дня
І зараз на папасе.
Жаданы выган — цішыня
Прымае ўсіх па часе.
І двор, і кол —
Пасецца вол,
Спакою вол рахманы.
І свет, здаецца, ўвесь —
Наўкол.
І вышыня — ля хмары.
І саганок, і таганок
Змрок свойтае паволі.
І толькі
Стомы ціхі крок
Яшчэ пыліць у полі...

Прыцягненне Віцебскай зямлі


Мы дамоў вяртаемся,
Генадзь,
Дзе б сцяжыны нашы ні кружылі.
Лепей на зямлі бацькоў
Канаць,
Чым раскашавацца на чужыне.
Смутак раптам гляне з-пад рукі —
Засклыгочуць нервы
І рысоры,
Смутак —
Быццам вёска Петрачкі
Па дарозе на твае Расоны.
Доўга слаць яшчэ нам
Лён турбот,
Бачыць праз бяроз адліжных
Строі
З верацёнамі ялін
Завод,
Што прапах вятрамі
I кастрою.
Нашыя правіны
Замалі,
Край бацькоў,
Світальнаю зарою.
Прыцягненне
Віцебскай зямлі
Мы адчуем
Пад зямлёй сырою.

* * *


Бацькаўшчына,
Дзедзіна,
Вырай смутку — спадчына,
Доляю адведзена,
Злом пералапачана.
Дзён сівое прадзіва
Ніткаю суроваю
На сцяжыну прадзеда
Памяць выкіроўвае.
Пойдзеш той сцяжынаю,
Як рачулкай плытнаю,—
Родны край з чужынаю
Ані пераблытаеш!

* * *


На сцэне «Лявоніхі» тупат спорны,
На сцэне полька канае ў гуле,
На сцэне ўборы маёй матулі
І песня яе —
Каларыт фальклорны.
І ў век нейлонавы,
Век маторны
Хачу, каб песню маёй матулі
І ўнукі ўнукаў маіх пачулі
Нe толькі са сцэны,
А ў хаце — блізкую —
Над ціхай калыскаю,
Над поўнай міскаю.

* * *


Позірк вымгліу туман стамлёны,
Скроні выбеліла асака.
Задрамаць не даюць страмёны
Хмарагрывага рысака.
Як завецца ён —
Лёсам,
Таланам
Ці адчаем маім?
Але
Толькі мчаць бы на ім,
Раззлаваным,
Дзень вітаць у крутым сядле.
Апантана жыццю адданы,
Мушу ўсё я прачуць спаўна,
Каб Яго Няўмольнасць
Загнаны
Час
Адчула мая спіна...

* * *


Запыталка-дражнілка
Былая,
Малая...
Пытаць навучыла
Бабуля Малання:
— Варона-старажона,
Ці была ты імасць?
— Была-была!..
Адказ немудроны.
Спытаць магчымасць
Была —
Сплыла...
Да бульбы варонай
Закраса — брусніцы.
Сарокай,
Варонай
Маленства прысніцца.
Маленства прысніцца,
Туга праясніцца.
За прасніцай мама —
Баліць паясніца.
Мне соладка спіцца,
Мяцеляцца спіцы.
Гудзе калаўрот —
Юных год
Калясніца...
Каб зноў тых
На год
Сто нагод
Падражніцца:
— Варона-старажона,
Ці была ты імасць?..
Лёд зялёны, сцюдзёны,
Кладку памяці вымасць
З нябіткага шкла.
Была...

Перад халадамі


Каб лісток —
Галýтай
Восень перастоіць.
Сек імжакай лютай
Сівер, як трастою.
Роспачлівы выбух
Белага застолля
У азёрных шыбах
Стоена застогне.
Маладая скруха
Перагаладае.
Вусцішна і глуха
Перад халадамі...

Партызанская маці


Не працэджан хмар сырадой.
Ці не купіны закурэлі?
Ступні сталі
Карой цвярдой —
Ад сырой зямлі закарэлі.
Пальцаў скручаныя карані
Намясіліся гною, гліны;
За сыноў
(Божа іх барані!)
Ногі матчыны
Мацалі міны.
Не да сноў —
Сны вяртаюць зноў
Допыты,
Катаванні,
Расстрэлы.
Паправодзіла ўсіх сыноў —
Аніводнага
Не сустрэла...
Не расце трава забыцця
Над балючым карчом —
Пад крэвам.
Захавальніца дрэва жыцця
Стала дрэвам...

* * *


Не мне чакаць лагод-выгод,
Калі пачну,
Як тыя знічкі,
Перабіраць ружанец год.
Не з мурагом падвялым брычкі,
Што не адчулі шпал пагонь,—
Мае гады —
Як электрычкі:
Скачу ў вагон,
Нібы ў агонь.
Мне не змяніць
Свой нораў,
Звычкі.
Хоць крыжам ляж на палатно,
Прамчацца свістам —
Ім лацно!—
Мае гады,
Як электрычкі...

* * *


Я ім не ўгароджваў загонаў.
Не цішыў разбег імклівы.
І зоры мелі за гонар
Дзядамі ўплесціся ў грывы.
Бакі не зазналі лейцаў,
Падкоў асцярогі — ногі.
За мной не хадзілі ўлегцы,
Цягнулі цяжар знямогі.
Я іх не кілзаў ніколі,
Сцярог ад абраз i тлуму.
Як некалі з князем —
Коней,
Са мной пахаваюць
Думы.

Адказ анкеце


Хаця і запісваць
Анкета раіць
Па выбару
Родную мову...
Хто бацька, хто маці?
Умоўнасць старая!
Нашто ЭВМ
Звычкі нейкага краю?
Ссумуе — і лічба гатова!
Нязломнай прайшла
Праз катоўні, падвалы
Канкрэтна
Умоўная мова,
Во прагу да праўды
Трымала трывала,
Сяброў шанавала,
Сябе захавала,
Каб гордае, крэўнае слова
Крылата магло —
Без нападак і звадак! —
Світаць
На штандарах чырвоных,
Каб ленінскай веры.
Наказ без аглядак
Нашчадку свайму
Перадаць мог нашчадак
На зорных братэрскіх загонах.
...Стамлёны ад спрэчак,
Ласкавых прымусаў,
Народнага досціпу хрэснік —
«Как говорят у нас, белорусов..
Твардоўскі любіў падкрэсліць.

Вёска


Не расшчодрыцца,
Не раздабухаецца —
Вёска скупая,
У ногі нікому не бухаецца,
Піцуе з відна да відна,
Вайна не вайна —
Вёска не адступае,
Адступаць няма куды.
Прымакамі
Урадлівыя дні з праснакамі,
З прысмакамі.
Спрадвеку драўляная,
Як і дрэвы, ў зямлю ўрасла.
Жыве яна
З хлебадайнага рамяства.
Не да прыхарошвання,
Не да хараства!
У вёскі такая
Сялянская ўхватка:
І пралля, і ткалля,
Ратайка й салдатка.
Град бобам,
Пот — градам.
Травеюць грады.
Пакуль з горадам
Грані сціраюцца,
Прахопліваецца ўранні —
Да цямна стараецца.

* * *


Нібы шыпячых зычных збег,
Спакойны, сыпкі
З самай раніцы
Спадаў на сцежкі
Ціхі снег,
Баяўся аб ігліцу зраніцца...
Сачу — як прашчур —
След бяды.
Зайшлося сэрца ў ціхім верадзе
Перада мной
Ідуць сляды
Сабачыя
ўперадзе...

* * *


Ці прытулку шукае душа чыя?
Чаго ўслухаецца цішыня?
Захлыніся,
Турбот гайня!
Спакоем мяне сустракае
Ушаччына.
А дзе мой прытулак?
Зязюленька шэрая
За вечным борам.
З кім журбой павячэраю?
Ці мне ў сабе,
На сабе — як смаўжу —
Насіць гэту хату
З запалымі бёрнамі,
Дарогу ў выбоінах —
На Забораўна,
І смачна прыжмураную імжу;
Спакой, што на сітцах
Прасейваюць конікі,
І кветку-слёзку на падаконніку,
І гэту трывогу, якой даражу?
Шлях Млечны — прасекай.
Аблокі — яміны.
Сляды ад вялізнага настала.
А можа, змятаюць рукі маміны
Крошкі хлебныя са стала?!

Зноў дома...


Заход заламаў аблачынкі брылёк,
Замроена промні лятуць у вуллі.
На сонны мурог
Я спакойна прылёг —
Здалёк
Мяне ў прыцемак сцежкі вялі.
Туман-тугадум ахінуў паплавы.
Па-свойску мураш запаўзае ў рукаў.
Куды ж так імчаўся
На злом галавы,
Каго я гукаў і шукаў?

Зорка Перамогі


Не згасне ён,
Світальнай зоркі ўзбліск,
Як, злосны космас,
Ты яго не мглі,—
Вянчае зорка
Зорны абеліск
Зямнога подзвігу
Маёй зямлі.

Ветэраны


З кожным годам —
Больш выгод:
Лес са шчодрай жменяй.
Больш ільгот,
Але штогод
Ветэранаў меней.
Нарасло
За столькі год
Праўнукаў i ўнукаў.
Боль,
Нязвыклы да выгод,
Ва ўспаміны грукаў.
Паступова да святла
Вывелі з падвалаў.
Прага да жыцця
Вяла,
Вера гадавала.
За гады
Сплыло вады
І паперы многа.
Пружыць нерваў правады
Слова «Перамога».
Дбае кандыдат пра тэст,
Тэма:
«Ветэраны».
Ды пратэз,
Нібы пратэст,
Хрыпне вечарамі.
Дасць, як трэба,
Сельсавет
Шыферу,
Фанеры.
У прэзідыум —
Як след —
Просяць піянеры.
Б'юцца сны ў накатаў столь.,
Вам у вырай рана,
Радасць
І пякучы боль —
Ветэраны.

* * *


Свой лес — свае зайцы.
Закон, здаецца, просты:
З кары
Мудры карцы
І набіркі — з бяросты.
Дуг прагнасці не гні,
Паганскі дух не нішчы.
Улада цішыні
Трымае каранішчы.
Шануй хвальбу хваін,
Мальбу глухога ляда.
У лесе будзь
Сваім,
Патрэбным, як спагада.
Свой лес,
І ў ім ваўкі
Такі
Не усе звяліся.
Гадзюкі у клубкі,
Сіпучыя, звіліся.
Свой лес — свой гнеў,
Свой сум.
У чысціні ратоўчай
Ты — наняты,
Лясун,
Не лесанарыхтоўшчык!

* * *


Эфір, нібы даспелы луг,
Дзе вольна Нёману і Гаўі,
Высакамернасці мятлуг
Не змарнатравіць разнатраўя
Тут раўнапраўя горды дух!
Звінець, антэніцца травінцы,
Навін чакаць, нібы расы,
Сусвету слухаць галасы
Зялёназвесненых правінцый.
Пазнання дрэва вольнакора
Галініцца ад завірух.
І хвалі радасці ці гора
Штохвілі скалынаюць луг...

Азімы дуб


Смaлiлi ў цябе
Вайны перуны,
Спазнаў паклоны,
Запомніў праклёны.
Ды не адстала ні карыны
Ад цела твайго,
Зялёны!
У хмурыне чупрыны
Дазволіў ты
Раскашавацца зорам,
Каб хцівасцю ўсмяглі
Злыя раты,
Зайздроснікі ўспомнілі сорам.
Сыноўняму сэрцу
Балюча люб,
Каранаваны кронай нязгіннай,
Край мой спаконны —
Азімы дуб
З выпаленай сэрцавінай.

Напамін


Не крыўдуй, край лясны,
Я пазбаўлен даверу
Успамінам суровым,
Што ад жаху лядовы:
Гэта сосны адны
Над абрывам кар'ера
Ці над вырытым ровам
Заложніцы-ўдовы?..

Балада з падпаленымі крыламі


Не будзе суціху
Ліху —
Паліцай застрэліў бусліху,
І вёска гарыць, і
Буслова
На ліпе гняздо.
Хоць бы слова
Мог выгукнуць хто,
Хадзіла
Тры дні,
Тры начы
Магіла.
Наноў развязаўся лілай
Карэння ўпірысты вузел.
Смутак, паціху клыпай,
Няхай не пудзіцца бусел...
Зямля, хто купа сухая.
Чаго клекатун клякоча,
Падпаленым крыллем махае —
Пажар
затушыць
хоча?..

* * *


Зноў яна,
І зноў вайна
Крывавіць бінт экрана,
Звяно злучае да звяна —
Звініць ланцуг парваны.
З дратоў і кратаў
Злы ланцуг —
Ён мой спакой кайданіць.
Гадоў маіх забытых цуг
Уваскрашае здані.
Ані прагнаць,
Ні замаліць —
Няхай каму старая,—
А мне баліць,
А мне смыліць,
А мне вайна страляе!

* * *


У ранішнюю цішыню
Віцебскага музея
Зайшоў я
І ўпершыню
У вочы зірнуў ім.
Нямею
На момант які,
На міг,
Яны на мяне звычайна
З пажарышчаў год нямых
Глядзяць нямымі вачамі.
Звычайныя юнакі
Як быццам...
Ды ў злых паставах...
Яшчэ не выюць ваўкі
Над імі ва Ўшачах,
Паставах...
Па-летняму рукавы —
Як вострыя кіркі,
Локці.
...Між намі
Жаху равы,
Драты з'іржавелыя
Злосці.
Яны яшчэ ў той сяўбе,
З якой курганеюць гоні.
Яны старэй за сябе.
За іх
Я старэй сягоння...
Ішлі—
Засталіся тут,
Яшчэ маладыя,
Худыя.
Глядзяць на сляды пакут...
Вочы падзець
куды ім?!

Пліты


І
Анатоль Анікейчык,
Па дысцыпліне — двойка!
Да дырэктара з бацькам прыйдзеш!
Як не быць настаўніцы ў крыўдзе —
Натварыў шкоды:
Вырваў старонкі
З журнала першага класа
Ушацкай сярэдняй школы
Сорак чацвёртага года.
Цяжка паварушыць старое.
Не адарваць старонкі
Ад умуражэлай аблогі —
Апалі,
Як нямыя аблокі...
Па гулкіх старонках —
Чыгунных плітах,
Жалобаю апавітых,—
Пераклічка.
Праз трыцдаць гадоў.
Незагойная памяць жывая
З блакаднага забыцця вырывае
Імёны бацькоў i братоў.
Першакласнікаў колішніх —
Імёны помснікаў
Шаснаццаці партызанскіх брыгад.
Зноў
Дротам калючьш колешся,
Здзічэлы агрэст прыгад?
II
Іржавець у балючай зямлі
Адсырэлым набоям.
Прозвішчы пачалі
Ападаць глухім лістабоем:
Аўдошка, Апёнак,
Бурак,
Грак,
Дук, Дзярыба,
Жаўранак, Жарнасек,
Лукашонак,
Кабяк, Карабань,
Лабань, Люцько,
Мамяка,
Роўба,
Смаргун,
Цвяцінскі,
Якута, Ярмош...
Пакута,
Сябе ў журбе
Змож!
Ціша цяжкая
У смутку журыцца.
Рэха гукае
Балоты, ляды...
— Хто сёння дзяжурны?
Час адказвае:
— Усе пайшлі на прарыў блакады...
Болем цягне
Ад кожнай імшарынкі.
На прагаліны
Галы лясы.
Б'юцца ў неба
Лясныя жаўранкі —
Змоўклыя галасы...
III
Звугалеў алфавіт
Ад жудасці анямелых пліт.
Пліты,
Нібыта плыты
На крывавых тваіх вірах,
Вайны апраметная...
Зноў на мяне наганяе страх
Арыфметыка!
Лічыць не бяруся,
Во ў скрусе
Баюся зблытаць
Учарнелыя пліты
Па ўсёй маёй Беларусі.
Трымае памяць мая няшчадна
Імёны ў мулкай ссабойцы.
Пліты...
Пліты...
Па іх вучыцца нашчадкам
Азбуцы нянавісці да забойцаў!

Партызанскі ўрок


А, як ішоў дадому тата
З атрада —
Чуў я за вярсту.
Казаў, бывала, сумнавата,
Што гледзячы на лес расту...
Мне памяць
І дагэтуль паліць
Па-партызанеку кемны урок:
— Адзінка —
Бачыш гэты палец,
Якім я цісну на курок...
З лагодным паўтараў дакорам
— Навуку, шалапай,
Ляйцай.
«А» —
Слуп з падпорай,
На каторым
Павешаны быў паліцай...
Пракуранага пальца порух,
Вачэй цяслярскіх
Сіні гнеў.
Ігліцай хрупацеў мне порах,
І гільзай
Жаўранак звінеў...

* * *


Век мой,
Не дужа багаты падзеямі,
Ад сінізны
І да сівізны
Рэзка
На два адрэзкі
Падзелены:
Вайна —
І пасля вайны.

Да пытання аб рамантыцы


Змашкою чай круты ўпрыхруску.
Сто грам закусваем агурком.
Нам камсамольскую нагрузку
Паходны ўскульвае гарком.
Не схімнікі —
Грахоў замольцы,
Скіт будаваць прыйшлі ў тайгу,
Намеры маем,
Камсамольцы,
Усіх вякоў прагнаць тугу!
У золь вядзьмуем над капотам,
Зайздросцім — з фарамі! —
Саве.
Пасля ўсё гэта
Нехта
Потым
Рамантыкаю назаве...

Пароль сумлення


Я сэрцам іх слухаў —
Не вуха крайком.
Быў год для Радзімы суровы.
Над лесам маім.
« Камуністы»,
«Райком» —
Світалі вятрыстыя словы.
Ішлі не за ордэнам,
Не за пайком,
А просьбу,
Як грозьбу крутую,
Няслі землякі ў партызанскі райком:
— Пашліце на перадавую!
На дрэве даверу,
Малы чаранок,
Прыняўся я — зло не скрамсала.
Салдат, што сказаў мне
Ласкава: «Сынок»,—
Ён быў
Камуністам таксама!
Надзея
Жагнала мяне скразняком.
Не мне па дарозе з маною.
Ён мой,
Ён са мной,
Партызанскі райком,
Мае камуністы —
Са мною!
Не той камуніст,
Што кашулю рыўком —
І ў грудзі сябе кулакамі.
Сумлення пароль:
«Камуністы»,
«Райком»
Світае над мацерыкамі!

* * *


Лжэпрарокі
Сцісніце пашчаў рэзгіны!
Досыць
Зямля ад войнаў дрыжала.
Планета нявесціцца,
У планеты хрэсьбіны —
Нараджаюцца
Маладыя дзяржавы.
У навароджаных імёны мудроныя.
Геаграфія,
Памяць прадзьмі скразнякамі!
Час немаўлят бласлаўляе
Ракетадромамі.
Павага ўсміхаецца,
Недавер знікае...
Закройшчык —
Эпоха.
Карта кроіцца:
Каму — на «максі»,
Каму — на «міні»...
Што, метраполіі,
У лада мроіцца?!
Параскашуйцеся ва ўспаміне!
Памяць развітваецца
Са згадкамі горкімі.
Забываецца звон ланцугоў
Іржавы.
Вольныя,
Пад шчаслівымі зоркамі
Мужнейце,
Маладыя дзяржавы!

1863 года


Боб-гарох не малочаны,
На ток не валочаны.
Рэкі крывавыя —
Не малочныя.
Дзе дым,
Дзе туман,
Дзе хіб валоўчыкаў?
Гэта ўжо кульмінацыя
Нечуванага ўціску,
Калі
Гаворыць кулямі нацыя,
Барыкадна
Падклаўшы кулі...

У вянок Мацею Бурачку


Не дужкі ставіць —
Узводзіць куркі
Карцела пальцам.
Бывай, зацішак!
Для засцянковых францішак
Радкі
Напіша іншы які
Францішак!
Чытай, грамацей,—
Ён Мацей Бурачок.
А на Мацея
Дарога пацее
Спіной мужыка,
Што спазнала дручок
І на бізун
Яшчэ мае надзею.
На караністай дарозе
Вазак
Цябе растрасе,
Таўстазадая ода.
Паэт — ён гарыць,
Як балючы гузак
На лобе абражанага народа.
Знявага
Вялікадзяржаўна ўрачэ,
Паэта радкі —
Ад упуду замова.
Народ жа
Саромеецца яшчэ
І мовы сваёй,
І сябе самога.
Двукоссі пасля!
Косы i тапары
Без знакаў прыпынку
Гавораць з панамі.
І дзецюкі Кастусёвы ў бары
Чакаюць тут жа,
За Жупранамі.
Хаця кароткія,
Ды святкі —
На Белай Русі
Днеюць белыя світкі.
... Нашчадкам паўстанцаў
Світайце, радкі.
... Бяроста бялей
За пергаменту звіткі...

Цётцы


Ты не шукала
Ціхі спрат —
Хай голас чуюць зоры!
Радзілі гнеў —
Крывавы град
Крывавыя разоры.
Не дзядзькам добрым
Быў твой век,
Не цёткай згаднай —
Доля.
Прайшла пад кпіны пратарэк,
Як крыўда,
Маладою.
Не бабін век,
Што сорак год,—
На цэлае стагоддзе
Табой прадоўжыўся народ
З нягодамі ў нязгодзе.
З такіх нязломістых народ
Трымаюць неба
Кручы.
Так
Кожным
Мусіць жыць
Народ,
Тады ён —
неўміручы!

* * *


Гады прывыклі
Да сваёй хады.
Няўцям гадам
Крыху прыстаць у скрусе.
Звыкаю
Да ўсвядомленай жуды,
Што могільнікам памяці
Раблюся.
Усё часцей кажу:
Тады,
Калі
...імгненню затрымацца
загадалі...
...нагбом да рання
і каўшом пілі
не толькі мёд...
Спяшаю за гадамі.
Мне не сагнацца —
І тае бяды.
...Яшчэ паспее
запрасіць сырая...
Гады прывыклі
Да сваёй хады.
Я толькі ўслед
Удзячна пазіраю...

Журба вясла


Песня маці чыёй балючэйшая,
Ці тваёй, ці маёй, пакутніцы?
Адкажы мне,
Галіна Бальчэўская.
Смутак мой ад мяне не адкупіцца.
Чыя каса
Бядой
Была?
Чыя краса
З вадой
Сплыла?
Ты — галінка абныла-крохкая
Дрэва наскага,
Дрэва песеннага.
Са жніва талака йшла —
З палёгкаю,
З ласкаю
Маладзік павесіла.
Табе знаёма
Журба
Вясла,
Дзе пакрыёма
Вярба
Расла.
Гора чула ты, ліха бачыла.
Каб зласліўцы твае адбрахаліся,
Сум спагодзіла песні матчынай
Галая на святло прагалінка.

* * *


Як у госці здарышся
Да крутой кумы,
Той, якую старасцю
Клічам мы,—
Вочы паказеліўшы,
Плечы не сутуль,
Памяці вузельчыкі,
Дзён хатуль
Развяжы не ўтаіста,
Выкладзь не ў хвальбе,
З чым жа ты вяртаешся
Да сябе!
Хто з няўтольнай смагаю
Малады заціх,
Раскажы з пава гаю
І за тых.
Раз цябе уважылі,
Сам не лезь на кут,
Над тваёй паклажаю
Тут прысуд.
Пнуцца вузкаплечыя
Да шырокіх лаў.
Часам месца нечае
Не заняў?

* * *


Жыву, як еду ў таксі.
Таксометр скроняў,
Уключаны ён,
Даўно — прасі не прасі —
Адлічвае шлях
Пад адхон,
На згон...
На поўдзень хацеў —
Хоць раз
Спачну, замяню аблыселы скат,
Прылёг —
Прасейвае час
Секунды
На сіце густым цыкад.
Я на суравеях крэп,
Таміўся
Да лютых зор уваччу.
Таксометр свой
Выключы, стэп,—
Я веку
За два канцы заплачу!

* * *


Кім стану я пасля,
Ці палыном, ці клёнам?
Каб што!
Мяне зямля
Зямным шчадрыла плёнам:
Дарогай аржаной,
Хмурынкай ільняною,
Сцяжынаю кружной
Да наспы пад сасною.
Не жыць, як набяжыць,
Каб дзень за дзень — i годзе.
Міг верай знабажыць.
Мой дзень — мае стагоддзе.
Кім стану я пасля?
Каб што!
Якое слова
З нябытнага былля
Мяне ўрачо нанова?
Што скажуць пра мяне?
А ці ўснамін сурова
Увагай праміне?
За ім
Святое слова!

* * *


Гатова ад веснавой красы
Сэрца жаўранкава разарвацца.
Безабаронна знікаюць лясы —
Даверу зялёнага рэзервацыі.
На бровы часу адчаю дах
Насоўваецца няўхільна.
Глушэюць вёскі,
А ў гарадах
Перанаселеныя магільнікі.
Ірвецца трос,
Што ад зор да рос.
Смех непадкуты
Даволі коўзаўся.
Папрок былы:
«Ці ты ў лесе рос?» —
Будзе гучаць як:
«Залётаўся ў космасе...»

* * *


Травейце, гароды,
Салют, гарады.
Гароды,
Вам оды
Складзём праз гады.
На кроквы вясёлку
Лірычна сагнём,
Укленчым пяколку
З рахманым агнём.
Уславім прысады
На ціхай вярсце.
Для смутку расада
У гародах расце.
Чалесніку шэрыць
Куродым
Чало.
І верыць
Не одам —
Гародам
Сяло!

Пад восеньскім небам


Востры локаць выраю —
Востры боль.
Лес яшчэ задзіраю —
Хвост трубой.
З восенню адносіны
Так сабе.
Хмар перапалосіны
Шпак саб'е.
Небасхіл, плячыма хоць
Шавялі.
Сталі немагчымыя
Шчамялі.
Ходзіць ненажэраю
Ветравей.
Неба, бросняй шэраю
Не травей!
Чым цябе, высокае,
Ацаліш?
А вавёрка цокае:
«Цот ці ліш?..»

Таму, хто верасні дарыў..


Як, неепакойны, спакоем заручышся?
Мяшчане моляцца
На гаражы і на страўнікі.
Па смяротнасці —
Не па неўміручасці! —
Пасля касманаўтаў ідуць настаўнікі.
Ім па гадзінах аплата сціплая,
На экзаменах — букецікі ў складчыну.
...Лучынка курылася,
Газоўка хліпала.
У людзі выходзіла
Мова матчына...
З торбачкамі,
З партфелямі,
З ранцамі,
Вачапоры,
Баламуты,
Накольнікі
Спяшаліся да Фадзея Францавіча,
Каб ранішнім словам назвацца —
Школьнікі.
Няўвагі. баяліся, праглі пільнасці.
Вы цеплілі нашыя вочы надзеямі.
Як, мы, падшывальцы, са скуры лупіліся,
Каб быць
Любімчыкамі Фадзеевымі!
Беларуская мова,
Маўчання хвілінаю
Ушануй аднаго са сваіх старэннікаў:
Як і ты, меў навагу,
Няспыннаплынная,
Да канкрэтных назоўнікаў —
Не да займеннікаў.
Блакіт абмерваюць крылы бусловыя.
Жыццю клапотна,
Буркотна рачулачцы.
Кажу Вам сыноўняй удзякі словы я
Тады,
Калі Вы іх ужо не расчуеце.
Хай будуць пашаны шатамі ўшачаны
Над Вашым спакоем
Нябёсы вернасці.
Хай будзе пухам
Зямля Ушаччыны,
Дзе Вам паўтарацца
Школьнымі вераснямі...

Юначых сноў сталіца


Райцэнтр мой партызанскі,
Пакуль што —
Рай птушыны.
След клалі ўпарты санкі,
Чытай арнамент шынны!
Не дужа верыш бегу,
Хлеб кроіш спорнай лустай.
Снег пахне на адлегу
Бензінам і капустай.
Калісьці ад эмоцый
Канаў шляхоцкі сеймік:
Хапала хэнці й моцы!
Цяпер хапае семак.
Твой голас не сталіцца —
На сіверах грубее,
Юначых сноў сталіца,
Спазнаў сябе ў табе я.
Крыху падмураваўся,
Зглух ад грымот і цішаў.
Ад вёскі адарваўся
І ў гарады не выйшаў...

Роднаму слову


Было спрадвеку, слова, ты
Крыніцай цудадзейнай сілы,
Што вызваляла з нематы,
Айчыны ніву каласіла.
Ты наталяла смяглы рот
І выкрасала ўдар грамовы,
Каб сам сабою стаў народ,
Пачуўшы гукі крэўнай мовы!

* * *


Некалі свет з прысветкам
Імкнуўся аб'ехаць,
А мама — дома, так быць павінна,
А мама, здавалася, вечнаю будзе.
Прахопліваюся зараз з прысветкам,
Каб мясціны выхадзіць пехаць,
Дзе маміны ногі помняць сцяжыны,
Дзе жаўранак сэрца
абрываецца ў перапудзе...

* * *


Долі інакшай не трэба зямной,
Сэрца пагоднее ад суцяшэння
Родная мова ступала за мной
Ад калыханкі
Да галашэння...

Паэты


I
Пскалі ў вочы досыць дыму!
Паэты пачынаюць думаць,
Асацыяцый караваны
Па ўсіх радках накіраваны.
Паэты пачынаюць думаць —
Пабольшала ў іх гаспадарка!
І словы
Жалудамі з дуба
У араллю душы спадаюць.
І прарастаюць там навечна
Расток радка,
Галінка верша...
II
Хай клопат свой раток
З гняздзечка прагна цягне —
Шануй, паэт, радок,
Не захлыніся ў багне,
У твані цішыні,
У бросні дабрабыту.
Нікога не віні.
Віноўнік ёсць нібыта?!
Хай штогадок ядок,
Няхай няма навару —
Шануй, паэт, радок
І не ашуквай мару.
Сам дбацьмеш аб сяўбе
І думаць пра дакоскі.
Прадумай сам сябе
Ад кропкі i да коскі.
Бо не па едаках
I жончынай саеце —
Нашчадку
Па радках
Цябе судзіць, паэце!
III
Паэты — вясёлыя жабракі.
Пакуль на пярынах дрыхнуць
Начныя ўкормленыя жарабкі,
Паэты кідаюць жэрабкі
На шчасце — выцягваюць рыфму.
Не смейся, не ў сейфе іх скарбы —
наўкол
Сузор'е, суквецце, сугучча,
Дол зрушыць драпежнай метафары тол.
Што чэк тленнавечны, сухі пратакол,
Пячатка — яе сургучнасць?!
Радкі ім нашэптвае пошап ракі,
А час на Браслаўях, Таймырах
Бярэ, быццам рыбіну, за жабракі.
Багаты вясёлыя жабракі
Даўгамі i зайздрасцю шчырай!

Парада ўласнай ласцы


Пашлі сваю ласку
У сакрэтны дазор,
Каб крыўда яе не сустрэла,—
Глядзі на людзей
На адлегласці зор,
А не на адлегласці стрэлу.

Зорка матчынай мовы


Асветлены спрадвечнасці нябёсы
Святым святлом
Сузор'я родных моў.
След чалавецтва ў дымных росах,
Босы,
Вёў Паплавамі Млечнымі дамоў.
Вяшчуе шчасце
Зорка на выгодзе.
Шлях для надзеі
Зорыць у бядзе.
Хай на вятрах атухне —
Праз стагоддзі
Святло ў душу нашчадкаву ідзе...

Чалавек у космасе


У стане бязважкасці ў цяжкім скафандры
Нібы ў паўзунках немаўля.
Растала расплывістым кінакадрам
Маленькая кропка — Зямля.
Вагі тут не маюць
Турботы зямныя,
Пасады, чыны — мітусня.
А сэрца шчымлівай журбою
Заные,
Яно як-ніяк — земляня.
З маўклівым Сусветам
Застацца сам-насам,
Спрадвечнасці ўбачыць пагляд,
Расстацца на момант
З уладлівым часам,
З надзеяй вярнуцца назад.
Чым здзівіш Сусвет —
Ведамі, перавагай?
Яны тут ці маюць вагу?
Бадай-што, даверам,
Бадай-што, павагай
Ды верай, што скажа:
«Магу!»

* * *


Ад шчасця, ад тугі выццё,
Прычасце верай, забыццё,
Хмар прасвятленне,
Map шмаццё,
Знямога коласа, асцё,
Знямога тхла святла біццё,
Кассё, што скосіць, як трысцё,
Цябе і гэта ўсё —
Жыццё!
Ты ў ім, яно ў табе адно.
Ткуць суткі клопату радно.

* * *


Юнацтва светлая часта —
Расчыненае ў май акно,
Настрою пудкая расіна.
Юнацтва светлая часіна —
З падманам віравокім дно,
Не ў зладзе з ветразем стырно.
Юнацтва светлая часіна —
Расчыненае ў май акно.

* * *

Журавіны не ўзышлі...



Поделитесь ссылкой в социальных сетях: